СКАРАЧАЕ ЧАС У СТАЦЫЯНАРЫ І ПАЛЯГЧАЕ РЭАБІЛІТАЦЫЮ: У БРЭСЦКАЙ БХМД - НОВАЕ ЛАПАРАСКАПІЧНАЕ АБСТАЛЯВАННЕ

17.01.2025

У аддзяленні хірургіі Брэсцкай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі пачало работу лапараскапічнае абсталяванне апошняга пакалення. Фінансаваў пакупку «Савушкін».


У адрозненне ад поласцевых, лапараскапічныя (малаінвазіўныя) аперацыі - больш ашчадлівы варыянт хірургічнага ўмяшання: яны дазваляюць скараціць час знаходжання ў стацыянары, забяспечваюць пацыентам хуткі працэс аднаўлення і вяртання да паўнавартаснага жыцця.

У мінулым годзе ў БХМД было праведзена 770 аперацый на органах брушнай поласці, 42% з якіх - метадам лапараскапіі. З уводам новага абсталявання гэты паказчык значна ўзрасце.

«Да нядаўняга часу ў нас у бальніцы была ўсяго адна лапараскапічная стойка. Улічваючы тое, што стацыянар спецыялізуецца на экстраных аператыўных умяшаннях, другі камплект абсталявання быў жыццёва неабходны, – падзяліўся галоўны ўрач БХМД Андрэй Паўловіч. - Выдаткі на яго набыццё (суму каля 600 000 BYN) узяў на сябе «Савушкін». Кампанія ўжо не раз нас падтрымлівала. Напрыклад, у мінулым годзе дапамагла бальніцы з пакупкай дарагога софту для высокадакладнага МРТ-сканавання сэрца».

Новае хірургічнае абсталяванне экспертнага класа вытворчасці фірмы Ackermann адрозніваецца эрганамічнасцю і высокай якасцю выявы. Яно аблегчыць правядзенне аперацый на органах брушнай поласці. Камплектацыю медыкі падбіралі, абапіраючыся на статыстыку дыягназаў, з якімі служба хуткай дапамогі прывозіць пацыентаў часцей за ўсё: апендыцыты, прабадныя язвы страўніка, вострыя станы пры паталогіі падстраўнікавай залозы. У перспектыве ў бальніцы плануюць асвоіць лапараскапічныя аперацыі на жоўцевыводзячых шляхах.

У БХМД малады калектыў. Цяпер інтэрны-хірургі з першых месяцаў працы будуць навучацца правядзенню малаінвазіўных аперацый на сучасным абсталяванні - гэта дасць ім магчымасць хутка напрацоўваць неабходныя навыкі.

З дапамогай лапараскапічнай стойкі экспертнага класа ўжо прааперавалі некалькі дзясяткаў пацыентаў. Усе яны ідуць на папраўку: большасць паспяхова выпісаны са стацыянара дадому і вядуць назіранне амбулаторна.

***

«Савушкін» - адзін са стратэгічных бізнесаў групы кампаній SANTA. Рэалізуемыя кампаніяй сацыяльныя, адукацыйныя і дабрачынныя праекты накіраваны на падтрымку медыцыны, развіццё дзіцячага і дарослага спорту, а таксама на папулярызацыю здаровага ладу жыцця.