Чакаць аўтобус будзе камфортна

01.04.2024
фото 1.jpg

Новы — сучасны і функцыянальны — прыпынак грамадскага транспарту на днях быў уведзены ў строй у Баранавічах, на вуліцы 50 гадоў БССР.

Аб'ект размешчаны ля будынка вытворчага філіяла кампаніі "Савушкін прадукт". Вы адразу яго заўважыце: канструкцыя атрымалася візуальна лёгкай, выдатна ўпісана ў гарадскі ландшафт, а ў цёмны час сутак утульна падсветлена ўнутры і па перыметры рэкламных сіцілайтаў.

Цяпер чакаць свой аўтобус (праз прыпыначны пункт праходзяць маршруты №3, №4, №15, №18, №29 і №30, якiя штодня перавозяць сотні людзей) пасажыры будуць у камфорце: прыпынак атрымаўся даволі ёмiстым i прасторным, а трывалы навес з аргшкла надзейна абараняе ад ветру і ападкаў.

Унутры размясцілі схему руху грамадскага транспарту плюс электроннае інфармацыйнае табло часу і тэмпературы. Ёсць нават разеткі для гаджэтаў — іх можна зараджаць седзячы на зручнай лаўцы.

Распрацоўку дызайн-праекта, мантаж канструкцыі, падключэнне да гарадской энергасеткі і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі цалкам ўзяла на сябе кампанія «Савушкін прадукт».

І гэта далёка не адзіны практычны падарунак, які кампанія зрабiла жыхарам Баранавічаў за апошнія некалькі гадоў: у 2021 мясцовая станцыя хуткай дапамогі атрымала сучасны рэанімабіль; школе ім. С.І. Грыцаўца дапамаглі абсталяваць экспазіцыю музея і сучасны "касмічны клас"; у 2023 — у гарадскім парку пабудавалі дзіцячую пляцоўку і прастору для варкаўту, а ў пасёлку Гарадзішча — адкрылі міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём.