“Малочная акадэмія” дапамагае выпускнікам “прымерыць на сябе” будучыя прафесіі

05.04.2022

 

   “Савушкін прадукт” запусціў рэспубліканскую праграму па прафарыентацыі школьнікаў. У рамках “Малочнай акадэміі” старшакласнікі могуць наведаць вытворчыя пляцоўкі кампаніі і пазнаёміцца ​​з будучай прафесіяй знутры.

“Малочная галіна не прымае абыякавасці. Тут могуць працаваць толькі захопленыя людзі, якія любяць сваю справу. І гэта не проста высокія словы. Малако – адзін з самых “капрызных” і патрабавальных у перапрацоўцы прадуктаў. Наша кампанія расце, развіваецца. Мы зацікаўлены ў маладых прафесійных кадрах. Працу па іх падрыхтоўцы пачынаем ужо са школьнай лавы. Сёння старшакласнікі знаходзяцца перад выбарам прафесіі. І мы жадаем ім дапамагчы зрабіць гэты выбар свядома. Спадзяемся з часам лепшых з іх убачыць у ліку сваіх калегаў”, – патлумачыла дырэктар па знешніх камунікацыях кампаніі “Савушкін прадукт” Алена Бабкіна.

Праграма “Малочнай акадэміі” спалучае тэорыю з практыкай. Тут не толькі можна пазнаёміцца ​​з кампаніяй, яе каштоўнасцямі, перспектывамі развіцця і запатрабаванымі прафесіямі. Але і на ўласныя вочы ўбачыць увесь цыкл стварэння прадукта ад паступлення малака да выхаду гатовага прадукта.

Экскурсію па вытворчасці праводзяць тэхнолагі кампаніі. На пэўных этапах да іх падключаюцца супрацоўнікі іншых службаў кампаніі, задзейнічаныя у забеспячэнні ўсяго дакладна адладжанага вытворчага цыклу. Падлеткі на ўласныя вочы бачаць, як малако паступае ў цэх прыёмкі завода, дзе яго правяраюць на адпаведнасць якасці па 50 параметрах, які шлях яно праходзіць перад тым, як ператварыцца ў сыры, тварог, ёгурты і мноства іншых малочных прадуктаў.

Пасля экскурсіі школьнікам расказалі, якія навучальныя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў для малочнай прамысловасці, як прайсці практыку, трапіць на працу ў кампанію “Савушкін прадукт” і зрабіць тут сваю кар’еру.

 Для кожнай вытворчай пляцоўкі распрацавана свая спецыяльная праграма. Галоўная задача – паказаць усё сумленна, без прыкрас і нават даць магчымасць гасцям паспрабаваць сябе ў, мажліва, будучай прафесіі. Лабараторныя даследаванні, тэхналагічныя эксперыменты – у “акадэміі” ўсё нацэлена на тое, каб матэрыял быў засвоены на выдатна.

 Напрыклад, на ТАА “Савушкін-Орша” падлеткі змаглі не толькі паўдзельнічаць у лабараторных даследаваннях, убачыць працэс каагуляцыі малочнага бялку, пратэставаць сырнае цеста для мацарэллы на пластычнасць, але і прыгатаваць піцы для аднакласнікаў. Так што было не толькі цікава, але і смачна.

“Малочная акадэмія” сустракае сваіх гасцей на вытворчых пляцоўках кампаніі “Савушкін прадукт” у Брэсце, Бярозе і Оршы. Наперадзе – Баранавічы, Пінск і Столін.