
Высокадакладнае МРТ-даследаванне сэрца даступна на базе Брэсцкай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД). Закупку апошняй версіі дарагога софту для магнітна-рэзананснага тамографа фінансавала кампанія «Савушкін прадукт». Сканіраванне прайшлі ўжо больш за 50 стацыянарных пацыентаў.
Па дадзеных СААЗ, сардэчна-сасудзістыя захворванні — асноўная прычына смерці ва ўсім свеце, пры гэтым як мінімум 1/3 смяротных зыходаў патэнцыйна прадухільная.
МРТ сэрца — залаты стандарт дыферэнцыяльнай дыягностыкі ішэмічных і неішэмічных кардыяміяпатый. У сучаснай кардыядыягностыцы метад выкарыстоўваецца кардыёлагамі, рэўматолагамі, кардыяхірургамі, рэнтгенэндаваскулярнымі хірургамі.
Інавацыйныя тэхналогіі і высокая кваліфікацыя медыцынскіх спецыялістаў БХМД Брэста, якія працуюць з новым пакетам праграмнага забеспячэння, выводзяць дыягностыку і лячэнне пацыентаў з сардэчна-сасудзістымі паталогіямі на сусветны ўзровень.
У 2021 годзе загадчык кабінета магнітна-рэзананснай тамаграфіі БХМД Ілля Лысач прайшоў дыстанцыйны курс "Базавае кіраўніцтва па візуалізацыі МРТ сэрца" Еўрапейскай Асацыяцыі кардыясасудзістай візуалізацыі (EACVI, Францыя), атрымаў поўны бестэрміновы доступ да ўсіх адукацыйных матэрыялаў i пачаў сканiраваць пацыентаў з сардэчнай паталогiяй. Бальніцы на тры месяцы быў адкрыты тэставы доступ да ўсіх праграмных кардыяпакетаў, што дало медыкам магчымасць не толькі ацаніць пашыраны функцыянал абсталявання, але і атрымаць унікальныя практычныя навыкі.
«Гэтае праграмнае забеспячэнне дазваляе вывесці дыягностыку сардэчна-сасудзістых захворванняў на прынцыпова новы ўзровень. Але яго кошт — 360 000 рублёў — для нас гэта была непад'ёмная сума. Таму мы звярнуліся да тых, хто і раней неаднаразова нам дапамагаў: на "Савушкін прадукт". У гэты раз нашу ідэю таксама падтрымалі: кампанія прафінансавала поўны кошт пакупкі праграмных aплiкацый для апарата, усталяванага ў кабінеце магнітна-рэзананснай тамаграфіі, — дзеліцца добрымі навінамі Ілля Генадзевіч, — такiм чынам ўжо з ліпеня бягучага года мы праводзім высокадакладнае сканіраванне сэрца пацыентам нашага стацыянара».
Навучанне рабоце з новымі праграмамі арганізаванае і для iншых супрацоўнікаў. У найбліжэйшай будучыні ў бальніцы прадоўжыцца практычная спецыялізацыя: плануюць правядзенне аплікацыйнага трэнінгу, які ўключаны ў дагавор пастаўкі лічбавага кардыяпакета. Да жніўня 2024 года ўсе ўрачы кабінета МРТ Брэсцкай бальніцы хуткай дапамогі будуць працаваць з ім самастойна.
Магчымасць прайсці МРТ-сканіраванне сэрца пакуль прадугледжана толькі для пацыентаў, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў БХМД. У параўнанні з іншымі відамі сканiравання працэдура дастаткова працяглая — у дзень медыкам пакуль удаецца выконваць не больш за 1-2 даследаваннi.
***
"Савушкін прадукт" – адзін са стратэгічных бізнесаў групы кампаній SANTA. Рэалізаваныя кампаніяй сацыяльныя, адукацыйныя і дабрачынныя праекты накіраваныя на падтрымку медыцыны, развіццё дзяцей і школьнікаў, а таксама на папулярызацыю здаровага ладу жыцця.